СТАНДА́РТНЫ ПАТЭНЦЫ́ЯЛ у электрахіміі, нармальны патэнцыял,
значэнне электроднага патэнцыялу, вымеранае ў стандартных умовах, пры актыўнасці ўсіх кампанентаў электроднага працэсу роўнай 1. С.п. роўны эрс электрахім. ланцуга, складзенага са стандартнага электрода параўнання і электрода, што даследуюць. Для водных раствораў у якасці стандартнага выкарыстоўваюць вадародны электрод, патэнцыял якога пры ўсіх т-рах прымаюць роўным нулю. С.п. металаў і вадароду, што размешчаны паводле іх нарастання, складаюць электрахімічны рад напружанняў.
Разлічваюць С.п. па выніках вымярэння эрс гальванічных элементаў, а таксама на аснове стандартных значэнняў змянення энергіі Гібса ∆G°пры хім. рэакцыі. С.п. Е° звязаны з ∆G° і канстантай раўнавагі Kp электрахім. рэакцыі: -∆G° = nFE° = RTlnKp, дзе F — пастаянная Фарадэя, n — колькасць электронаў, што прымаюць удзел у рэакцыі, R — газавая пастаянная, T — абс. т-ра. Велічыні С.п. выкарыстоўваюць для тэрмадынамічных разлікаў.
т. 15, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)